Независимый проект о истории и современной жизни города Новогрудка
                          Наш город   Футбол-Прогноз   Это интересно!

Пячатка і герб - найважнейшыя атрыбуты гарадскога самакіравання - з'яўлялiся прадметам асобай увагі мясцовых улад.

Чорны Анёл Ноўгародка. 1578 г.


"Места Новогородское" атрымала магдэбургскае права адным з першых мест на Беларусі яшчэ ў пачатку XVI ст. Але ў гэтым першапачатковым прывiлеi ад 1511 г. гарадскі герб не агаворваецца. Тым не менш стварэнне органаў гарадскога самакiравання прадугледжвала выкарыстанне атрыбутаў юрыдычнае правадзейнасці.. Адным з такіх атрыбутаў была пячатка, якой карысталiся для зацвярджэння дакументаў.

Малюнак з герба прывілея 1595 г.


Прывілей
Жыгімонта ІІІ (1595 г.) пацвярджае, што дакументы, замацаваныя пячаткай, якая была ва ўжытку раней, застаюцца сапраўднымi. Такiм чынам, хаця гэтая пячатка пакуль не знойдзена, яна існавала. Узнiкае пытанне: якая выява была на ёй змешчана? Найбольш верагоднай выявай мусiць быць выява славутага "Чорнага Анела".

У полі пячаткі барочны картуш, у якім выява Архангела Міхаіла, у правай руцэ - меч, у левай - шалі. Легенда: SIGILLUM*CIVITAT...T...VOGRODENS. 1688 г.

 

Такi герб змешчаны ў кнізе польскага геральдзiста Б. Папроцкага, якая была выдадзена ў Кракаве у 1578 г. Праўда, гэты славуты аўтар адносiць яго памылкова не да горада, а да ўсёй Наваградскай зямлі. Аднак адпаведна Статуту 1566 г. за ўсiмi паветамi Вялiкага княства Лiтоўскага ў якасцi сiмвала была замацавана Пагоня. Падчас Грунвальдскай бiтвы наваградскія воi выступалi пад сцягам з гербам "Пагоня".

У полі пячаткі выява Архангела Міхаіла з мячом і шалямі. На галаве "сармацкая" шапка. Пад нагамі забіты цмок. Легенда па авалу:* SIGILLUM* CIVITAT... NOVOGRODENSIS. 1729 г.

Толькi ў канцы XVI ст. была зроблена "геральдычная рэдакцыя" Навагрудскага герба "Чорны Анёл" і Ноўгарадок атрымаў "до печати местное на ратуш Архангела Михаила в одной руцэ меч, а в другой вага". На каляровым малюнку, якi прыведзены ў прывiлеi 1595 г., Архангел Мiхаіл апрануты ў чорны панцыр, поле герба чырвонае. Як правіла, Архангел Мiхаiл часцей за ўсё падаецца ў белым адзенні, радзей у блакiтным, залатым цi чырвоным, але николі ў чорным.

 

У полі пячаткі выява Архангела Міхаіла ў парыку і камзоле, з мячом і шалямі, які стаіць на забітым цмоку. Круг упрыгожаны пацеркавым арнаментам. Легенда па колу: SIGILLUM * CIVITATIS * NOVOGRO-DENSIS. 1746 г.

Гэтая адметнасць вылучае і падкрэслiвае індывiдуальнасць Навагрудскага герба. Пазней, пасля далучэння Беларусi да Расiйскай імперыi, гэтая своеасаблiвасць была папраўлена, і адзенне Архангела Міхаіла набыло кананiчныя колеры.Чорны колер звязваецца з гістарычнай назвай "Чорная Русь", замацаванай за землямі Наваградчыны.

Герб Навагрудскага павета 1845 г.


Новы герб, які быў зацверджаны ў 1845 г., меў перасечаны шчыт, у чорнай частцы якога змяшчаўся герб (двухгаловы арол з шыльдам, на якiм выява Дзевы Марыі і Мiнскай губернi, а ў дольнай - ужо вядомы чытачу сюжэт.

 

 

Праект герба Навагрудка 1860 г.

 

Ён ужо не быў гарадскiм гербам, а павятовым. Апошняя спроба палепшыць герб адбылася ў 1860 г., але на ім амаль нічога не засталося ад першапачатковай выявы.


Аўтар: Анатоль Цітоў

 

Современный Герб города Новогрудка

  

Хостинг от uCoz